Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы

У дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа аг.Юбілейны” ў межах тыдня беларускай мовы і літаратуры была падрыхтавана праграма святкавання Міжнароднага дня роднай мовы.
Вучні 5 класа з задавальненнем прынялі ўдзел у інтэлектуальным турніры “Зліваюцца гукі ў словы”, а шасцікласнікі паказалі свае веды ў лінгвістычнай гульні “Пагуляем у роднае слова”.
Развіць свой інтэлектуальны патэнцыял, павысіць агульны культурны ўзровень гаварэння вучні 8 класа змаглі ў лінгвістычным батле “ Ведаю мову”. Вучні 10-11 класаў удзельнічалі ў інтэрактыўнай віктарыне “Адгадай фразеалагізм”, вучні 9 класа актуалізавалі свае веды па беларускай літаратуры, выканаўшы фотатэст “Славутыя сыны краіны”. 20 лютага вучні 5-6 класаў наведалі школьную бібліятэку і прынялі ўдзел у гадзіне роднай мовы “Роднай мовы пералівы”.
Адкрыццё свята 21 лютага пачалося з акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Вучні 8 класа наведалі кожны клас і пазнаёмілі прысутных з унікальнымі рысамі беларускай мовы.
Вялікую цікавасць выклікала акцыя “Чытаем-перакладаем”. Удзельнікі атрымалі магчымасць паказаць свае перакладчыцкія здольнасці.
Педагогі, вучні 10-11 класаў ўстановы адукацыі далучыліся да напісання Гродзенскага абласнога дыктанта, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы.
Вучні 5 -11 класаў школы з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, конкурсе чытальнікаў вершаў на вершы беларускіх пісьменнікаў “Гучы, роднае слова!” Кудзеля Дар’я, Ляута Віялета, Ляута Ілона былі адзначаны членамі журы за выразнае і артыстычнае чытанне вершаў.
На працягу ўсяго святочнага дня гучалі песні беларускіх выканаўцаў на роднай мове.
Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі яшчэ раз далучыцца да адметнасці і прыгажосці беларускага слова.